Яндекс.Метрика

РАСПРАЦОЎКА НОВАГА ЛЁГКАБРАНІРАВАНАГА АЎТАМАБІЛЯ МЗКТ-490101

У цяперашні час на ААТ «МЗКЦ» вядуцца працы па стварэнні новага ўзору аўтатэхнікі вайскова-тэхнічнага прызначэння. Навінка ўяўляе сабой лёгкабраніраваны 5-месцавы аўтамабіль (далей – ЛБА) МЗКТ-490101, які прызначаны для перавозкі і абароны экіпажа ад пашкоджання стралковай зброяй і паражальных фактараў выбуховых прыстасаванняў.

ЛБА МЗКТ-490101 з’яўляецца поўнапрывадным, колавай формулай 4х4, з кіраванымі коламі першай восі. Грузападымальнасць складае 1800 кг.

Сілавая ўстаноўка ЛБА складаецца з 6-цілітровага рухавіка Doosan DL06 (Карэя) магутнасцю 270 к.с. і 6-ціхуткаснай аўтаматычнай гідрамеханічнай перадачы Allison (ЗША). Двуххуткасная раздатачная каробка кампаніі ADS (Чэхія) злучана ў адзін сілавы агрэгат з рухавіком і трансмісіяй. Ужыццё імпартных рухавіка, трансмісіі і раздатачнай каробкі, а таксама кліматычнае выкананне ад -15ºС да +55ºС кажа пра тое, што новы ЛБА арыентаваны для паставак на экспарт. ЛБА МЗКТ-490101 мае модульную кампаноўку, а таксама новы дызайн і канцэпцыю бронеаховы.

Корпус ЛБА 4-хдзверны, абсталяваны 5 энергапаглынальнымі сядзеннямі, фальшпадлогай, а таксама супрацьмінным паддонам, мае ўзровень балістычнай абароны 2, супрацьміннай 2а/2b паводле STANAG 4569. У корпусе для жыццезабеспячэння экіпажа ёсць сістэмы ацяплення, вентыляцыі і кандыцыянавання, а таксама незалежны выцяжны вентылятар. Корпус абсталяваны кранштэйнамі зброі для экіпажа, а дзверы – байніцамі. На даху корпуса ўсталяваны паваротны люк з магчымасцю замены на агнявы модуль.

Маторны адсек абсталяваны аўтаматычнай сістэмай пажаратушэння. Ёсць грузавы (багажны) адсек.

Плаўнасць ходу забяспечваецца незалежнай, рычажнай спружыннай падвескай з амартызатарамі, а высокая праходнасць – наяўнасцю поўнага дыферэнцыяльнага прывода з магчымасцю блакавання, высокага клірансу - не менш за 450 мм, а таксама наяўнасць сістэмы рэгулявання ціску паветра ў шынах і ыкарыстання ў колах прыстасавання Runflat. У дадатак да ўсяго ўстаноўлена электрычная лябёдка самавыцягвання з цягавым высілкам 7,4 тоны.

ЛБА ўкамплектавана бартавой інфармацыйна-кіравальнай сістэмай, якая ажыццяўляе кантроль параметраў шасі і вывад інфармацыі на адзін з двух каляровых графічных дысплэяў, а таксама сістэмай кругавога відэаагляду.

Фота па тэме