1999 год, у які ўступіў Мінскі завод колавых цягачоў, быў для яго калі не юбілейным, то, прынамсі, аказаўся адзначаным круглымі датамі і памятнымі падзеямі. У сакавіку споўнілася 40 год з пачатку серыйнай вытворчасці колавых цягачоў, у ліпені – 45 год стварэння на МАЗе спецыяльнага канструктарскага бюро №1, якое паклала пачатак будучаму Мінскаму заводу колавых цягачоў.
У сакавіку 1999 года, праз 40 год пасля зборкі першага колавага цягача, з канвеера завода сышла 20-тысячная машына. Паказальным з'яўляецца той факт, што юбілейным аказаўся цягач МЗКЦ-543, першы ўзор якога быў сабраны яшчэ ў 1962 годзе.